КРЭДЫ́Т ВЭ́КСАЛЬНЫ,

крэдытная аперацыя, якая ўяўляе сабой куплю вэксаля да надыходу тэрміну плацяжу па ім (улік вэксаля). Пры К.в. пакупнік вэксаля (звычайна камерцыйны банк або банкаўская кантора) датэрмінова выплачвае (крэдытуе) яго трымальніку суму, на якую выпісаны вэксаль, за вылікам працэнтаў, памер якіх вызначаецца пагадненнем бакоў на базе існуючага працэнта за крэдытны капітал у залежнасці ад якасці і тэрміну вэксаля. Пры гэтым пакупнік вэксаля атрымлівае прыбытак за кошт розніцы паміж сумай, якую ён атрымае ў выпадку аплаты вэксаля абавязанай асобай, і сумай, выплачанай пры К.в. Звычайна да ўліку прымаюцца вэксалі, што ўтрымліваюць абавязацельствы фірм, плацежаздольнасць якіх гарантавана.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)